Нарадзіўся:
30 верасьня 1931
Слабада, Лагойскі раён, Менская вобласьць, БССР

Грамадзянства:
Нацыянальны сьцяг Беларусі Беларусь

Род дзейнасьці:
паэт, грамадзкі дзеяч

Гады творчасьці:
з 1946

Не павераць, напэўна, нашчадкі,
Што такія былі ў нас парадкі,
Што дурнілі нас так верхаводы –
Ненавіснікі нашай свабоды,

Нашай мовы, і кнігі, і песні,
Нашых скарбаў і нашых святынь, -
Усяго, што мы ў душах пранеслі
Праз стагоддзяў смяротную стынь.

Як жа сталася, як гэта выйшла,
Што пад выжлаю шчэрыцца выжла,
А пад быдлам скацініцца быдла,
А пад хлусам крыўляецца хлус,

Родныя дзецi

 

Вечар у полі

Да працы прагны, дуж і спрыцен,
Сягоння зноў апошні круг
Тамаш зрабіў амаль упрыцем,
Калі ўжо дзень даўно патух.

Матор прывычна заглушыўшы,
Саскочыў долу, на пракос,-
Глядзіць: Сцяпан шыбуе шыбка
Па канюшынішчы наўскос.

- Сілком забраць цябе хачу я,-
Сказаў з усмешкай уваччу.
- Не бойся: тут не заначую -
Вячэры я, брат, не ўпушчу.

Дамоў ішлі - спачатку "сценкай"
Між двух палеткаў, а затым -
Цераз бярэзнік, вогкай сцежкай,
Праз роў з альшэўнікам густым.

- Вось тут, ты помніш, з-пад узроўя
Крынічкі білі - побач дзве.
Вада была - залог здароўя!
Глынеш - святлее ў галаве!

Няма ўжо іх... Ва ўсім наўколлі -
Нідзе няма ўжо ні адной.
Кароў і тых пастух у полі
З карыта поіць - прывазной!

Ну, растлумач мне, калі ласка,
Ты ўсё ж вучоны, чорт вазьмі:
Як выйшла гэткая няўвязка
Паміж прыродай і людзьмі?

Бяром выдатныя ўраджаі,
Жывём - дай божа! Грэх маніць.
А тых крынічак - не хапае,
I іх нічым не замяніць.

Бывае, млееш у кабіне
Ад духаты, гарачыні -
I забулькоча ва ўспаміне
Струмень крыштальнай чысціні.

З якою радасцю прыпаў бы
Да ручайка - зрабіць глыток!
Як смачна твар апаласкаў бы!
Як адышла б душа, браток!

Ды іх няма!.. Без іх жа дару
Не тыя ўжо лажкі, раўкі,
I ўвесь куток, дзе гаспадару,
Якісь для сэрца не такі!

А ці ж я тут ару і сею
Без сэрца? Робат я хіба?
Усё, здаецца, разумею,
А вось... грызе парой журба.

- Прывыкнеш, брат... Пытанне часу.
Сяло не будзе без вады.
Не ўсё ільга зрабіць адразу -
На штось спатрэбяцца гады.

Ты сам, паколькі ты не робат,
Праб'еш тут колькі свідравін,
Калонак з помпамі наробіш -
I свой заглушыш успамін.

- Наўрад ці я калі прывыкну!
От дзеці,- дзеці - іншы сказ.
Іх не паілі мы крынічнай
Жывой вадой - як колісь нас.

Ім прывыкаць і непатрэбна
Да перайначанай зямлі:
Усё, што добра тут ці дрэнна,
Яны з калыскі прынялі.

Яны не ведаюць, напрыклад,
Што значыць летняю парой -
У самы сквар, у самы прыпар -
Крынічка ў полі пад гарой.

Але аднойчы ўбачаць дзесьці -
Уцямяць, што гэта за цуд,-
I ў горкай крыўдзе нашы дзеці
Нам страшны вынесуць прысуд.

"Чаму, за што вы нас, спытаюць,
Такіх пазбавілі даброт?.."
Бацькі дзяцей не абкрадаюць -
Спакон было так, з роду ў род!

А свідравіны... свідравіны -
Мы робім іх ужо даўно.
Прыедуць хлопцы-здаравілы -
I ў пекле, брат, дастануць дно!..

Сцяпан любіў гаворку брата -
За вастрыню, дасціпнасць, соль;
Хоць груба скажа - але трапна,
Хоць рэзкі выраз - але свой.

Пасля хадульных, посных, плоскіх
Клішэ, што ў коле чуў сваім,-
Ён слухаў мову роднай вёскі,
Як райскі спеў, як боскі гімн.

I сам вяртаўся непрыкметна
Душой ва ўлонне хараства,
Што тут жыве спакон, спрадвечна,
Як лес, як дрэвы, як трава...

- У нас тут лектар быў тым летам -
Паважны муж, не са шпаны,
I ўвесь такі інтэлігентны -
Ажно трашчаць на ім штаны.

Я і яму сказаў: "Шаноўны,
Мы губім шмат зямных дароў!"
Згадзіўся. Кажа: "Безумоўна,
Вада ў зямлі - што ў жылах кроў.

Мы даражыць ёй мусім вельмі.
Ды ёсць, няможна забываць,
Звышактуальныя праблемы:
Пра моц дзяржавы трэба дбаць!

Калі мы мір не забяспечым,
Не зможам гібель запыніць -
Дык будзе некаму і ў нечым
Ні папракаць нас, ні вініць..."

Я доўга думаў - я ж маруда! -
Над тым, што лектар адказаў,
I - ад цябе таіць не буду -
Канцы з канцамі не звязаў.

Такой трывожнаю часінай,
Назло шалёнаму звяр'ю -
Для справы міру трэба ўсім нам
Яшчэ мацней любіць зямлю!

Любіць зямлю! I не наогул,
А - гэту! Нашу! Дзе жывём!
Во з гэтым полем, з гэтым логам,
З касьбою гэтай і жнівом!..

Сцяпан зірнуў с цяплом на брата
I за плячо абняў рукой.
- А што ты ўспыхнуў гэтак раптам?
Я ж не спрачаюся з табой!

- Дык паспрачайся! Я - саўгасны
Рабочы, я - не дыпламат,
I мне патрэбен цалкам ясны
На справу гэтую пагляд.

Таму і ўспыхваю, што бачу:
Сяму-таму між нас з рукі -
На звышпраблему, звышзадачу
Валіць уласныя грахі.

Сваё нядбальства ды паскудства
Напругай часу апраўдаць -
Усё адно, маўляў, для людства
Дарогі ў заўтра не відаць.

Калі ўвесь свет, уся планета,
Маўляў, вісіць на валаску,-
Якая можа вабіць мэта -
Няўцямна толькі прастаку.

I вось, ад будучыні вольны,
Сабе гаворыць спажывец:
Усё вазьмі, што ўзяць ты здольны -
Бо заўтра можа быць канец!

А я лічу: у небяспечны
I трудны час - наадварот:
Стакроць мацней павінен сведчыць
Свой гарт і вытрымку народ.

То слабы духам недавярак
Адно і думае штодня -
Каб як паболей зжэрці скварак
Ды болей выжлукціць віна.

Хто гэтак чуецца сягоння,
Той - панікёр і дэзерцір,-
Хто толькі ў горла цягне-горне,
Пакуль пад ім не рухнуў мір.

А мы... Хіба мы з племя кволых?
Нам - страціць веру ў лёс зямлі?
Тады - чаму ж мы ў гэтых долах
Крынічкі-рэчачкі звялі?..

Тамаш замоўк... "Але й зацяты!" -
Падумаў з гонарам Сцяпан.
- Глыбока плужыш ты, чарцяка!
Хоць пасылай цябе ў ААН!

А што? Свайго ты роду-племя
Не пасаромеў бы, браток.
Душой і сэрцам у праблеме.
Глядзіш і ўдалеч і ў выток!..

Сцяпан быў рад такому шанцу
Пабыць сам-насам з Тамашом,
I не хацеў зусім спяшацца,
I шкадаваў, што блізка дом.

- Жартуй... А я сачу і знаю,
Куды пасоўваецца свет:
Я ўсю палітыку чытаю,-
У нашай хаце - пяць газет!

Ну, праўда, дзве - не для дарослых,
А для маіх "тамашанят".
I па вясковых тэмах розных,
Што тычыць нас, чытаю шмат.

Нядаўна хтось пісаў талковы,
Што сотні тысяч тон у год
Жывога хлеба са сталовых
Ідзе ў адход - ляціць за плот.

Не кілаграм, не пуд, не цэнтнер,
Не тона нават і не дзве,
А сотні тысяч тон! На вецер!
Таго дабра, чым свет жыве!

Як прачытаў - такая крыўда
Мне сцяла сэрца між рабёр,
Што асушыў адзін паўлітра
I плакаў моўчкі, як бабёр!

Рашыў: да д'ябла сівер зольны!
Да д'ябла трактар і плугі,
Калі мой труд, мой плён мазольны
Такі людзям не дарагі!

На сметнік - хлеб! Духмяны! Смачны!
I гэта ў нас, дзе сам народ -
I гаспадар, і распарадчык
Усіх багаццяў і даброт!

А дзе прычына? Ты - не знаеш?
Ну, а хто-небудзь знае ўсё ж?
А можа, ў тым, што ты купляеш
Бясцэнны скарб за дробны грош?

Закону вартасці, здаецца,
Нікому нельга парушаць.
Ну, а другое - дармаедства:
I з ім штось трэба вырашаць!

Тут, дзе ад веку не хадзілі
Дзяды без чорных мазалёў,-
Мы тымчасове напладзілі
Нямала трутняў-гультаёў.

Ад дармаедства ўся распуста:
Нішто душу не губіць так,
Як незаробленая луста,
Якою сыціцца лайдак.

Яшчэ на бацькавым, паршывец,
А ўжо такі кіндзюк нясе
I так нахабна ўжо фальшывіць -
Што бог сам рукі атрасе!

Мужыцкі сын - ці ж не пагана! -
Не хоча працы чорнай знаць:
Пачаў, ці бач, хварэць на пана!
Узяўся панства спаганяць!

Бяжыць туды, дзе ўтульна, чыста,-
Хоць за падсобка, за слугу...
А я, брат, поля адракчыся
Ужо да смерці не змагу.

Навек прырос да ніў зялёных,
Да шэпту жытніх каласоў,
Да чысціні блакітнай лёну,
Да суму светлага аўсоў.

Без іх мяне зламала б скруха
Так, што не даўся б і лячыць...
Пастой хвіліначку, паслухай,
Як жыта хораша маўчыць!..

Браты спыніліся. Над полем
Плыла, гусцела цішыня.
Духмяным дышучы настоем,
Пацела нанач збажына.

Яна маўчала, ды не спала,-
У працы ўся была наўсцяж:
Астаткі клёку дабірала...
- Ну, зразумеў? - спытаў Тамаш.

- А ўранку, раненька, як толькі
Заззяюць росы ў далавах
Ды промняў рынуцца патокі,-
Які тут льецца водар-пах!

А я, нібы па абавязку,
Спынюся, далеч азірну
I - разы два ці тры ўзацяжку
На грудзі поўныя ўдыхну.

I пах, і сонца, і прастору -
Усё ўдыхну, вазьму ў сябе...
Куды ж я з гэткага прастолу
Сыду - у сонечным сяйве?..

Тамаш гарэзна, па-хлапечы,
Хітнуў кудлатай галавой.
- I не сыходзь! Адзіны вечны
Прастол на свеце - гэты, твой!

I ты - адзіны тут сапраўдны
I валадар, і гаспадар.
Палац твой - слаўны, трон твой - спраўны,
Карона - свеціцца, як жар!..

Над жытам жаўранак успырхнуў,
Штось шчабятнуў, бы ў сне, і знік.
Сцяпан згадаў павер'е-прымху:
"Нядобра - ноччу птушкі крык..."

- Тамаш,- апомніўся ён нібы,-
Па-мойму, тут, дзе мы стаім -
Была дарога на Сялібы?
Якраз ля гэтых во хваін?..

- Была... I добрая дарржка!
- А ездзяць як туды? Наўкруг?
- Ніяк не ездзяць. А навошта?
Ад тых Сяліб сышоў і дух.

Сяліб даўно нямо ўжо, браце.
Хто маладзейшы быў,- сюды,
У цэнтр саўгаса, перабраўся,
А хто стары быў,- на клады.

За ўсіх даўжэй сядзела пара
Бабуль - да смерці не сышлі.
Я знаў іх: Стэпка і Барбара,
Абедзве п'янічкі былі.

Адна ў адной віно цадзілі
I пелі песню за сталом:
"У крапіве нас нарадзілі,
У крапіве мы і памром!"

Нібыта самі песню склалі,
Бо іх падворкі сапраўды
Так крапівой пазарасталі,
Што не прайсці было туды...

- Тамаш, на ўсё глядзець нязвыкла,
Што легла ў прах, што зарасло.
Але, калі дарога знікла -
Страшней, здаецца мне, за ўсё...

Давай прысядзем, брат, на крушні.
Бог з ёй, з вячэрай,- не ўцячэ.
Паглянь: як тая печ у сушні -
Каменні цёплыя яшчэ...

Дарога... Колькі я з дзяцінства
Папахадзіў калісь па ёй!..
Яна - жыцця майго часцінка,
Душы зародачак маёй.

Я помню ўсю яе на памяць -
Дзе грунт быў цупкі, дзе пясок,
I кожны куст, і кожны камень,
I той бярвенчаты масток...

Дарога ў гульні і забавы,
Што бегла з кошыкам маім,
Уся прапахлая грыбамі,
Духмяным водарам малін...

Дарога ў колкіх ранніх росах -
Іх топча босы пастушок,
I вяжа венікі з бярозак,
I грае весела ў ражок...

Дарога песень вечаровых -
Між дзвюх купальскіх зараніц,
I самых першых, хлапчуковых,
Маіх да скону, таямніц...

Усё адрэзана навечна -
Так, каб і следу не знайсці,
Каб зразумеў, што недарэчна
За летуценнямі ісці.

Каб не падумаў азірнуцца
Ды не ўнушыў сабе назло,
Што можна ў май жыцця вярнуцца,
Як у знаёмае сяло...

- Вось гэта правільна, я згодзен:
Не варта марыць зноў пра май.
А калі так - журыцца годзе,
I ты па даўнім не ўздыхай.

Табе, па-мойму, аж занадта
Хапае сённяшніх турбот -
I праз адкрыты свой характар,
I ад людскіх непамыслот.

Чыталі з Анцяй мы, канешне
(А маме я не паказаў),
Што пра твае рамансы й песні
Шпачынскі гэны накілзаў.

Мы за цябе перажывалі.
Пісанне тое так і сяк
Па сказу ўсё перажавалі:
Басяк ён, братачка, басяк!

- Не ён галоўны ў подлым спісе:
Яго рукой вадзіў другі.
А сам Шпачынскі... каб не спіўся,
I крытык быў бы не благі.

Ён пачынаў даволі храбра,
На жаль - далёка не пайшоў,
I на сягоння - лепшы сябра
Усіх сталічных алкашоў.

Прыходзіў потым - ледзь не плакаў,
Прасіў прабачыць... Выгнаў вон:
Мне завугольных патулякаў
Прымаць з павіннай не рэзон.

Хто дыктаваў яму - не прыйдзе
Перапрасіць за тую муць.
О, гэта страшны, хітры злыдзень!
Іосіф Бэнсь яго завуць.

Мы з ім вучыліся калісьці,
Быў аднакурснікам маім.
У творцы сам не здолеў выйсці -
Рашыў мазгі ўпраўляць другім.

Стаў тэарэтыкам мастацтва
I ў кнігах хітра, неўпрыкмет
Нам раіць з вотчынай расстацца,
Каб пакарыць вялікі свет.

Маўляў, касмічная арбіта
Не прыме нашы "караблі",
Бо надта ярка ў іх адбіта
Аблічча роднае зямлі.

Куды ён хіліць - зразумела.
Ён сам ляцеў бы ўжо даўно
Па той арбіце безыменнай,-
Вось толькі крылаў не дано!

А твор павінен мець адзнаку
Сваёй зямлі,- інакш ён, брат,
Такі ж без водару, без смаку,
Як з гідрапонікі тамат.

Мы не бязродныя на свеце
I не бяздомныя ў жыцці.
Чым дагарэць у пустацвеце -
Лепш не ўзысці і не цвісці!

Вось так аднойчы я і ўрэзаў,
Калі на пленуме ён чоўп,
Што мы, не цэнячы прагрэсу,
Праз гэта трацім слухачоў.

На павадку ісці мне раіць
У снобаў. К чорту гэты зброд!
Мяне не публіка цікавіць,
Мяне цікавіць мой народ.

А ён - штось іншае, васпане,
Ён - нешта большае нашмат.
Ён падрабляць пад вас не стане
Ні густ, ні нораў, ні пагляд...

- А што, той Бэнсь - такі ўплывовы?
- Ён ходзіць капаць на мазгі
Усім, каму не даспадобы
Я за характар свой "благі".

Маўчаць не ўмею, прытварацца,
Стаяць навыцяжку "ва фрунт",
Легальнай формай казнакрадства
Аздараўляць свой базіс-грунт;

Вясёлым быць, дзе трэба плакаць,
Лавіць ківок, паклоны гнуць,
Па нейчых тэзісах гагакаць,
На сальны досціп рагатнуць...

Сваім жыццём я замінаю
Такім, як ён, спакойна жыць.
Бянтэжу іх. Напамінаю
Аб тым, што хочацца забыць.

Што нельга з прагнасцю звярынай
Хапаць наўзахап барышы.
Што чалавек ўсё ж павінен
Баяцца нечага ў душы...

Гадаюць: "Што яму патрэбна?
Відаць, да славы рвецца ўвесь..."
А мне і слава - пыл патрэп'я,
Удушны пыл, што вочы есць.

Што значыць - слава?
Колькасць цэшак? Эфір? Экраны? Тыражы?
Якая слава можа ўцешыць,
Калі ты сэрцам - на крыжы?

У славу рвуцца жываглоты,
А да таго, баліць каму,
Яна пасля прыходзіць, потым,
Як да Максіма, што ў Крыму...

Яны не могуць разабрацца,
Чаго хачу, што трэба мне?
Зусім не шмат: любові брацкай!
Сяброў - што здрада не кране!..

Прабач - за гэтую прамову.
Расспавядаўся, бы ў царкве...
Тамаш маўчаў. Глядзеў, як з рову
Сівы туман да іх плыве;

Як подых ночы ледзьве-ледзьве
На вольхах кратае лісты,
Як абярнуліся ў мядзведзяў
Ядлоўцу цёмныя кусты...

- Не знаю, як наконт сяброўства,
А што датычыць... тут сказаць
Я мушу коратка і проста:
Пара з кім-небудзь лёс звязаць!

Таму й не ведаеш адхлання,
Што адзінокі ты, браток.
Няма пры боку мілавання -
Разблытаць дум тваіх маток.

Ніхто не зможа быць у скрусе
Такім апірышчам табе,
Як жонка верная... Баюся,
Каб не зачахнуў ты ў журбе.

Табе б з настаўніцаю нашай,
Альжбетай Францаўнай, у шлюб.
Была б - ні з кім не параўнаўшы -
Сям'я! I ты ёй быў бы люб!..

- Тамаш! Я думаў, ты параіш
Каго з няшчыпаных дзяўчат...
Я ж не стары яшчэ таварыш!
Мне б і каляску пакачаць...

- Э, не-е, брат! Гэткай - не параю.
Нашто - зялепуха, сырэц?
Ты хочаш мець без конца-краю
Турбот - і ў рэўнасці старэць?..

А вось яна - жанчына-дзіва!
Такія - рэдкасць на вяку.
Яна б табе і нарадзіла -
Яна ж уся яшчэ ў саку!

Што трэба бабка: ў самым леце,
У блаславёнай той пары,
Калі ўспрымаюцца найлепей
Усе жаноцкія дары!

Адно што будзе трудна досыць -
Як кажуць, клінам выбіць клін:
Жанчына гэта ў сэрцы носіць
Якісьці сонечны ўспамін.

Яна крыху сябруе з Анцяй
I ёй душу адкрыла нейк:
Яшчэ ў студэнцкім інтэрнаце
Так пакахала - што навек.

Пасля там здарылася нешта -
I хлопца страціла яна.
Сказала Анці: "Ну, канешна ж,
Была дурной: мая віна!.."

Дванаццаць год ужо ў разводзе.
Уночы - плача, днём - пяе.
I ні адзін яшчэ, ніводзін
Не дакрануўся да яе!..

- Так і сказала Антуніне?
- А што? Дзівіцца тут не след:
Жанчына можа, брат, жанчыне
I болей выдаць "пад сакрэт"...

Сцяпан устаў - аж камень з крушні
Скаціўся, грукнуўшы ўначы.
- Хадзем! - сказаў.- Тут морак душны.
I - просьба: трошку памаўчы...

"Няўжо я ляпнуў штось не тое? -
Сумеўся здзіўлены Тамаш.-
Ах, поле роднае, жытное,
Хоць ты самотніка разваж!.."