Нарадзіўся:
30 верасьня 1931
Слабада, Лагойскі раён, Менская вобласьць, БССР

Грамадзянства:
Нацыянальны сьцяг Беларусі Беларусь

Род дзейнасьці:
паэт, грамадзкі дзеяч

Гады творчасьці:
з 1946

Не павераць, напэўна, нашчадкі,
Што такія былі ў нас парадкі,
Што дурнілі нас так верхаводы –
Ненавіснікі нашай свабоды,

Нашай мовы, і кнігі, і песні,
Нашых скарбаў і нашых святынь, -
Усяго, што мы ў душах пранеслі
Праз стагоддзяў смяротную стынь.

Як жа сталася, як гэта выйшла,
Што пад выжлаю шчэрыцца выжла,
А пад быдлам скацініцца быдла,
А пад хлусам крыўляецца хлус,

Родныя дзецi

 

Пашанаванне

- Сядайце, госцікі, сядайце!
- На покуць суньцеся - далей! -
Гукаў Тамаш - дуэтам з Анцяй.
- Ну, весялей жа, весялей!

Ці мне ўсчынаць тут з вамі сварку?
Прашу вас, любыя, прашу!..
- На покуць трэба юбілярку! -
Напомніў Лёкса Тамашу.

Тады і ўсе: - На покуць - маці!
- Пашану ёй найперш аддаць!
- А то сталы ваўсю дымяцца,
А юбіляркі- не відаць!..

I маці выйшла - "пад канвоем"
Унукаў - хлопцаў і дзяўчат,
Хусціна золатам кляновым
Цвіла на згорбленых плячах.

А пад хусцінай - дзякуй дзеткам! -
Навюткі джэмпер шарсцяны:
Хай бачаць людзі, што адзеткам
Не крыўдзяць дочкі і сыны.

- На покуць, Сохвія Пятроўна! -
Гукнуў сусед - дзядок Сівец.
- А божа мой, ці не ўсё роўна
Старой мне, бабе, дзе сядзець?..

Амаль сілком, усё ж на покуць
Пятроўну дзеці завялі.
Тады і ўсе - да локця локаць -
Садзіцца шчыльна пачалі.

Каля Вячоркі ўлучыў сесці
Дырэктар школы Крутарог:
О так, на нейкім іншым месцы
Ён уявіць сябе не мог!

Пры ім і жонка села горда.
Альжбета Францаўна - за ёй.
на рашыла вельмі цвёрда
Трымацца тактыкі сваёй.

"Няхай не думае насмешна,
Што ў вочы лезу я... о не!
Калі хоць нешта... хоць бы нешта -
Ён сам падыдзе да мяне..."

З другога боку да Сцяпана
Падсела Лёдзя з Вінцусём: -
Хоць тут цябе мне перапала:
Забыў, браток, мяне саўсём!..

Насупраць - пара маладая:
Мікітаў сын - Рэппо Артур
I з ім - дзяўчына. Хто такая?
З радні? Прыезджая? Адкуль?

Але ж і пекная дзяўчына!
Які жывы і ўдумны твар!
Сцяпан няўзнак стрыгнуў вачыма,
Пасля яшчэ - і раз, і два.

I зразумеў: яна - чужая,
Не прадстаўляе тут радню.
К таму ж - амаль што не зважае
На кавалера балбатню.

Яна яго, Вячоркі, слова,
Здаецца, ловіць неўпрыкмет!
Пагляд спаткаўшы выпадкова,
Пачырванела тут жа ўслед.

"Ты хто такая, незнаёмка?
Што заірдзелася, як жар?..
Спытаць бы ў Лёдзі, ды няёмка:
Яшчэ Вінцусь адпусціць жарт..."

Тым часам хтось музычна-лёгка
Па шкле відэльцам стаў званіць.
Ага, падняўся дзядзька Лёкса
I загрымеў: - Прашу наліць!

Савет пляменнікаў гвалтоўна
Мяне прызначыў тамадой:
Маўляў, і цвёрда і тактоўна
Кіруй шаноўнай грамадой.

А што ў застоллі - кіраванне?
Сачы, каб чуўся чарак звон!
То і пачнём жа чаркаванне,
Як чаркаваліся здавён.

Хай кожны ўздыме келіх поўны
I скажа так за мной услед:
"Здароўе Сохвіі Пятроўны!
На сто гадоў! На сотню лет!"

Усе запляскалі ў далоні,
Пасля ўзняліся з-за сталоў:
- Здароўе Сохвіі Пятроўны!
На сотню лет! На сто гадоў!

Так пракрычалі хорам тройчы
I дружна выпілі да дна.
Завільгатнелі ў Зосі вочы,
Ды не ад хмельнага віна.

Хусцінку - слёзы тыя ўцерці -
Дастала дзесьці з рукава.
- Дай божа вам здароўя, дзеці,
Пры вас я буду здарава...

Хвілін праз пяць ці нават меней
Падняўся Лёкса за сталом:
- Сцяпан Якубавіч! Пляменнік!
Як ты ў нас знацен і вядом -

Уваж хаціну, дзе радзіўся:
Скажы, брат, свой сыноўскі тост,-
Калі ў сталіцы не забыўся
Або ў дарозе не растрос!..

Ох, гэты дзядзька языкаты:
Без падкалупкі - анідзе!
Сцяпан, прызнацца, быў бы рады
Не гаварыць пры грамадзе.

Падыдзе, думаў, да матулі,
Абдыме, волю дасць слязе...
Аднак жа госці Лёксу чулі
I ўжо чакаюць. Сціхлі ўсе.

- Паклон табе ад сэрца, мама,-
Пачаў няголасна Сцяпан.-
Ты без хлусні і без абмана
Трымала наш сямейны стан.

Даверам нас, дзяцей, расціла,
Бо знала ты, што й цэлы свет -
Адно дамовіўшыся шчыра -
Пазбыцца зможа страшных бед.

I не чытаўшы мудрых кніжак,
Спасцігла ісціну сама:
Няма Радзімы ў злыдняў хіжых
I Маці ў нелюдзяў - няма.

Мы - тройчы дзеці ў вечным крузе:
Мы - дзеці роднае сям'і,
I - дзеці Маці-Беларусі,
I - дзеці Матухны-Зямлі.

Трайны ён, круг, ды недзялімы:
Бо сёння - як ні паглядзім -
А лёс Дзяцей, і лёс Радзімы,
I лёс Планеты - лёс адзін.

I ўсе мы разам у адказе
За гэты вечны круг жыцця.
Хвала ж таму, хто ў трудным часе
Без мітусні і без ныцця

Сваё праходзіць... Так, як мама,-
Сцяпан праз паузу дадаў.
Абняў старую ўсхвалявана
I рукі ёй пацалаваў.

Усе запляскалі. У шуме
Сёй-той з радні слязіну сцёр.
А Крутарог гукнуў:
"Віншую! От гэта тост! Усім узор!.."

Застолле ўраз павесялела,
Настрой і тонус набыло -
Загаманіла, зазвінела,
Забразгатала, загуло.

I зноў з паглядам незнаёмкі
Спаткаўся позіркам Сцяпан.
"Ах, не рашай галаваломкі -
Знаёмся сам, стары чурбан!.."

- Прабачце, хто вы?
- Я? Мар'яна. Бібліятэкар СДК.
- З чыйго ж вы роду - не прыгляну?..
- Наш род не з гэтага кутка...

Сцяпан адчуў, як загайдала
Яго на стромкім грэбні хваль.
"Якоесь свята нагадала...
Якуюсь сонечную даль..."

Лінуў у чаркі, аж расплёскаў,-
Душа пайшла праз берагі:
- Давайце... вып'ем за знаёмства,
Так, так - мы з вамі, без чаргі...

Напэўна, быў у гэтым жэсце
I неўсвядомлены разлік:
Усё з'яснілася нарэшце -
Далёкай смуты прывід знік.

Хай бачыць Аля, як свабодна
Ён пачуваецца пры ёй:
Іх май у вечнасць беззваротна
Плынь часу знесла быстрынёй...

Альжбета Францаўна умлела:
Мар'яна чокаецца з ім!
I нават неяк вельмі смела
Яму ўсміхаецца прытым!

"Ну, гэта ўжо, дачка, занадта!
Нягожа так у грамадзе!
Пасля за ўсё адказвай матка,
Бо на мяне ж усё ўспадзе!..

Але й Сцяпан!.. Аж дзіўна проста:
Нашто ён гэтак? Сам наліў
Для нечарговага, бач, тоста!
Зашмат ёй чэсці адваліў!..

Ну, пазнаёміўся - і добра.
Ці то ўжо гэткі значны факт,
Каб нават чокацца асобна?
Хоць кампазітар, а - дзівак!.."

Так гаварыла-разважала
Альжбета Францаўна з сабой,
I сэрца здрадна задрыжала -
Дало трывожны перабой.

Тут дзядзька Лёкса па пасудзе
Ударыў зноў: - Прашу наліць!
Мікіта Зміцеравіч будзе
У гонар маці гаварыць!

Мікіта вычакаў хвіліну,
Пакуль заціх-улёгся шум,
Устаў паважна, нос закінуў,
Як перад люстрам харашун.

- Што ж, еслі просіць прадсядацель,
Ці, ізвіняюсь, тамада,
Каб я сказаў што к гэтай даце,
То я далжон адвеціць: да!

Дык вот у нашай юбіляркі
Есь многа качастваў такіх,
Што быў бы грэх не выпіць чаркі,
Не ўшанаваць пачотам іх.

А першым качаствам законна
Шчытаю я без лішніх слоў,
Што, хоць і ў возрасце прыклонным,
Ана не знаець дактароў.

Другое качаства па праву
Адмецім такжа мы спаўна,
Што патрудзілася на славу
За жызь працоўную ана.

А трэцім качаствам гардзіцца
Найболей нада, што ўдава
Зрасціла нас, как гаварыцца,
I ў жызь пуцёўку нам дала.

У ту вужасную разруху,
Благадара і вапракі,
Ана не пала сілай духу:
Пускала нас - как пціц,з рукі!..

Тут выйшла пауза малая,
I д'ябал Вінька не стрываў:
- А што бабуся залатая
I ўнукаў любіць - не сказаў!

Мікіта згроб сурвэтку ў пальцы,
Махнуў рукою, як ластом:
- А вы мяне не папраўляйце! -
Раўнуў на Віньку цераз стол.

- Я лучча знаю, што бабуся!
I ўсё я знаю, што к чаму!
А еслі ў чом і абшыбуся -
Мяне паправіць есь каму!

Наліўся чырванню, засопся
I сеў, забыўшыся на тост.
- Іш, папраўляць мяне знайшоўся!
Схадзі папраў цяляці хвост!..

Застолле зразу анямела,
Уткнула ў скацерку насы,
А потым ціха і нясмела
Сям-там узніклі галасы:

- Яно, падумаўшы, канешна,
Перабіваць другіх не варт...
- Хацеў - пацешна, выйшла - грэшна...
- Дык ён жа, мабыць, гэта ў жарт?..

Сцяпан глядзеў на край кілішка,
Было ад сораму - хоць плач:
"Ну, і Мікішка! Ну й Мікішка!
Хоць маму ўважыў бы, таўкач!.."

Няёмкасць зняў пляменнік Зосін -
Нібыта ў бочку, грымнуў бас:
- Мікіта Зміцеравіч, просім
Не сердаваць і кончыць сказ!

Тады й Тамаш ускінуў вочы,
Адчуў сябе гаспадаром:
- Ты трэцім качаствам закончыў,
Кажы далей, ды і кульнём!

- А просім, просім! - раптам госці
Сыпнулі хорам, дружна ў лад.
Мікіта й сам уцяміў штосьці
I адарваў ад крэсла зад.

Устаў, узяў у пальцы чарку,
Хвіліну важна памаўчаў
I ў тым жа тоне, так жа ярка
Сказ прапановай увянчаў:

- I так, за здравіе мамашы
I за дальнейшы, значыць, рост
Праізвадзіцельнасці нашай
Я прыдлагаю выпіць тост!..

Кульнуў, кілішачак на сподак
Паставіў, смачна крактануў
I пад грунтоўны падбародак
Сурвэтку рогам падаткнуў.

Яму папляскалі актыўна -
З надбаўкай яўнай, з каптуром,
Каб гэтым самым калектыўна
Кампенсаваць "маральны ўрон".

Вінцусь нагнуўся да суседкі,
Шапнуў: "Во злосны! Як шашок!
А знаеш ты, чаму ён гэткі?
Што сэрца блізка ад кішок!.."

Прайшла няёмкасці хвіліна -
I зноў застолле ажыло:
Забразгатала, зазваніла,
Загаманіла, загуло.

Запрацавалі безадмоўна
Відэльцы, лыжкі і нажы.
- О, гэта ўсмажана цудоўна!
Не закусь - свята для душы!

Пакласці вам? - А што за закусь?
- Я й сам не ведаю, дальбог,
Але ручаюся за якасць! -
Прыцмокнуў смачна Крутарог.

- Хоць закрычы: кухарцы - брава!
Якія скабкі! А кулеш!
Ну, смаката! З такою стравай
I рашпіль нават праглынеш!..

Пасля "свянцоных" грам дырэктар
Закускам ганьбы не даваў:
З прыцмокам, з воклічамі, з крэктам
Без перадухі трамбаваў.

Свой грэх застольны - добра з'есці,
Умяць мяснога лішні фунт -
Ён знаў, таму любіў падвесці
Пад гэту слабасць пэўны грунт.

- З пары, як стрыглі мы калоссе
Ды боршч варылі з лебяды,
На ўсё жыццё ў нас засталося
Нераўнадушша да яды.

Псіхалагічна - беднасць тая,
Якой душу гняло штодзень,
Нас і дасюль не адпускае
I пераследуе, як цень.

Таму й дзябёлыя мы целам
I трацім форму, трацім спрыт,
Што пакаленне наша ў цэлым
Не знае скарг на апетыт.

Ну, як? Давайце ваш відэлец -
Яшчэ кусочак пакладу!..
Між тым Вінцусь, аматар цвеліць,
У крыўдзе быў на грамаду.

Прывыкшы ў рожкі з сваякамі,
Ён тут жа вытыркнуўся ўвесь:
- Народ кускі бярэ рукамі!
Народ відэльцамі не есць!

Вячорка, цэнячы дасціпнасць,
З усмешкай рэпліку прыняў:
Сапраўдны гумар - як гасціннасць,
У ім асновай - дабрыня.

А для Мікіты шваграў досціп
Быў толькі выпад і падвох.
- Ты б у сябе, сабраўшы госці,
Агітаваць за гэта мог!..

Ды што для Вінькі злосць Мікіты?
Што новы хвораст для агню.
А асабліва ён падпіты
Любіў пацвеліваць радню.

Таму, як раптам, ненаўмысна,
Кілішак з тоненькай нагой
Мікіта ў пальцах пераціснуў,-
Вінцусь пальнуў туды чаргой:

- Крышталем цёмнасць даканалі.
Між іншым, мілыя мае:
Народ куляе стаканамі,
Народ кілішкамі не п'е!..

Дарэчы, трэба тут зазначыць:
Ён меў адменны зрок і слых:
Усіх ён чуў, усіх ён бачыў
I тут як тут браў слова ўміг.

Хоць апетытам некапрызным
Быў прыкаваны да стала -
Сваім абсурдным афарызмам
Ураз любога даставаў.

I так у гутарку ўключаўся,
Такі даваў ёй паварот -
Што ўжо крыху бянтэжыў часам
Не толькі швагра, а й "народ".